КАРАКІТА́ЯЎ ДЗЯРЖА́ВА,
дзяржава (імперыя) у Сярэдняй і Цэнтр. Азіі (тэр. сучасных Кыргызстана, Узбекістана, Таджыкістана, часткова Афганістана, Казахстана і Кітая) каля 1140—1213. Сталіца — г. Хусыардо (Баласагун; цяпер тэр. Кыргызстана). Заснавальнік — Елюй Дашы з роду правіцеляў разгромленай чжурчжэнямі ў 1125 імперыі кіданяў, якіх сярэдневяковыя аўтары называлі каракітаямі (адсюль назва дзяржавы). У 1140—41 ён на чале кіданяў і воінаў інш. плямён заваяваў увесь Туркестан і абвясціў сябе імператарам (гурханам). Гурханы чаканілі ўласную манету, збіралі падаткі і даніну з васальных дзяржаў (Харэзм і інш.). Распалася пасля паланення ў 1211 збеглым ад манголаў племем найманаў апошняга гурхана (п. у 1213). У 1218—21 тэр. былой К. дз. заваявана Чынгісханам.
т. 8, с. 47
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)